ПАРФЯ́НСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава ў 250 да н.э. — 224 н.э. на ПдУ ад Каспійскага м. Узнікла пасля распаду дзяржавы Селеўкідаў. Першым царом П.ц. быў правадыр племя парнаў Аршак (родапачынальнік дынастыі Аршакідаў), які ў 247 да н.э. перамог грэч. намесніка Парфіі Андрагора. Аршакіды пашырылі сваю ўладу на У, захапілі Бактрыю і Маргіяну, на З — да межаў Сірыі і Месапатаміі. Каля 170—137 да н.э. цар Парфіі Мітрыдат I заваяваў Мідыю, б.ч. Месапатаміі, Элімаіду з Сузамі, Парсу і ч. Грэка-Бактрыйскага царства (каля 136 да н.э.). Тэр. П.ц. ў час росквіту (сярэдзіна 1 ст. да н.э.) распасціралася ад Двухрэчча да р. Інд, было сапернікам. Стараж. Рыма на Усходзе. У пач. 1 ст. да н.э. адбыліся першыя сутычкі парфян з рымлянамі. Паводле пагаднення 92 да н.э. паміж П.ц. і рым. дзяржавай мяжой прызнана р. Еўфрат. У 53 да н.э. рым. войскі М.Краса разбіты каля Караў. Да 40 да н.э. парфяне захапілі амаль усю М. Азію, Сірыю і Палесціну. У 39 да н.э. рымляне зноў адкінулі парфян за Еўфрат. Адначасова Рым імкнуўся выкарыстаць унутр. барацьбу ў Парфіі паміж варагуючымі групоўкамі, супрацьстаянне паміж якімі выклікала грамадз. войны ў П.ц. (57—55, 31—25 да н.э.). У 1 ст. н.э. пачаўся заняпад П.ц., выкліканы ростам мясц. сепаратызму, дынастычнымі спрэчкамі і набегамі качэўнікаў. У 224 правіцель васальнай Парсы (Персіды) Ардашыр I разграміў армію апошняга з Аршакідаў Артабана V. П.ц. перастала існаваць, яго тэр. ўвайшла ў дзяржаву Сасанідаў.
Першапачаткова мастацтва П.ц. развівалася як галіна эліністычнага мастацтва, элементы якога часткова творча перапрацоўваліся мясц. насельніцтвам. Для ўсх. часткі П.ц. тыповымі былі храмы, якія паводле плана (квадратнае свяцілішча з 4 калонамі ў цэнтры, абкружанае памяшканнямі), магчыма, паходзяць ад стараж. храма агню (у Персепалі, 3 ст. да н.э.). Пабудовы палацавых ансамбляў звычайна групаваліся вакол цэнтр. двара, у які выходзілі айваны (тэрасы; палац на гары Кухе-Ходжа, 1—3 ст.). Разам з прывазнымі эліністычнымі творамі пластыкі пашырыліся мясц. размаляваныя гліняныя статуі (у будынках Нісы), тэракотавыя статуэткі (у Маргіяне). Вядомы плоскасныя франтальныя наскальныя рэльефы (на скале Бехістун, першыя ст. н.э.), фрагменты паліхромных размалёвак палаца на гары Кухе-Ходжа, рытоны мясц. форм з фрызамі на грэч. і мясц. сюжэты (слановая косць, 2 ст. да н.э.). Для зах. часткі характэрны свяцілішчы вавілонскага тыпу (памяшканні размяшчаліся па перыметры ўнутр. двара; у Ніпуры) з грэка-рым. уплывам (у Хатры). У крапасных і палацавых збудаваннях часта спалучаліся грэч. перыстыль і мясц. айван (палац у Ашуры, 1 ст.). Для архітэктуры жылля ўласцівы пераход ад «пастаткавага» тыпу дома да «айваннага». У жывапісе (Дура-Еўрапас) і скульптуры (Хатра) у першыя ст. н.э. відавочны тэндэнцыі да франтальнасці кампазіцыі і плоскаснасці. Дробная пластыка адметная паступовым знікненнем грэч. тыпаў і зваротам да мясц. сюжэтаў.
А.У.Казленка.
т. 12, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)